НН, Аксана Рудовіч | 26.04.2012 |

«Мае сэнс» — гэта дабрачынны інтэрнэт-аўкцыён сустрэч. Як ён працуе? Вы запаўняеце анкету на аднайменным сайце (www.maesens.by) і становіцеся лотам на аўкцыёне. «Купіць» сустрэчу з вамі — можа той, хто прапануе больш грошай. Пасля аплаты пакупнік атрымлівае вашы кантакты, і вы дамаўляецеся на сустрэчу.
Грошы за сустрэчу арганізатары перадаюць у фонды дапамогі дзецям ці непасрэдна пераводзяць на дабрачынныя рахункі. Сярод фондаў — «Здароўе ў 21 век», «Шанец», «Дотык да жыцця». Па словах стваральніка праекта Дзяніса Кандратовіча, на дадзены момант на дабрачыннасць было пералічана каля 60 мільёнаў рублёў.
Мара Дзяніса — каб сустрэчы ладзіліся не толькі ў Мінску, але і ў іншых гарадах Беларусі. У перспектыве — у іншых краінах. Каб заахвочваць удзельнікаў, арганізатары дамаўляюцца з кавярнямі і рэстаранамі. Напрыклад, Сoffee On прапануе бясплатную каву ўдзельнікам, што купілі сустрэчу праз «Мае сэнс».
Сярод вядомых удзельнікаў праекта — хлопцы з гурта Litesound, спявак Герман, музыка Вадзім Марголін, вядучы БелМузТБ Дзмітрый Губіч, ды-джэй «Радыё Мінск» Любоў Громава, «Міс Мінск-2011» Ульяна Валахоўская ды іншыя.
ТФ | 26.04.2012 |

Цяпер да акцыі вырашылі далучыцца і прадстаўнікі беларускамоўнай культуры. Сярод іх — літаратарка Валярына Кустава. Ад учора кожны ахвочы можа набыць сустрэчу з пісьменніцай. Анкету Валярыны можна знайсці на сайце.
Арганізатары папярэджваюць, што сустрэчы ні да чаго не абавязваюць і як іх правесці ўдзельнікі вырашаюць разам, галоўная мэта — дабрачыннасць. Таму гэта можа быць мацыён па вясновым Менску альбо прыемны вечар за размовамі ў кавярні. Запрашаем Вас абраць прыемных людзей для суразмовы на сайце «Мае сэнс» — і тым самым дапамагчы хворым дзеткам. Вашыя прапановы Вы можаце дасылаць цягам тыдня (дзеля гэтага трэба зарэгістравацца на сайце, што зойме менш за хвіліну Вашага часу). Апошні тэрмін - 03 траўня 2012.
Зробім добрую і прыемную справу разам! Дабрачыннасць у прыемнасць мае сэнс!















