Галоўная
Posts tagged "Навіны"

Валярына Кустава: «Унутраны рухавік беларускага паэта працуе на ўсю моц…»

Euroradio | 21.03.2012 |

У сусветны дзень паэзіі беларуская паэтка Валярына Кустава расказала Еўрарадыё, пра што пішуць ды з чаго жывуць нашы творцы.

Еўрарадыё: Наколькі сучасная беларуская паэзія – сучасная?
Валярына Кустава: Я думаю, што яна абсалютна сучасная паводле тэматыкі, якую закранае, і абсалютна несучасная паводле сваёй запатрабаванасці. Дакладна, паводле незапатрабаванасці. Натуральна, як для беларускай паэткі, паэзія для мяне – гэта і жыццё, і каханне, і сэнс. Я не магу сказаць, што яе няма ці яна не існая ў цяперашнім свеце. Натуральна, беларуская паэзія мае шмат праблемаў, з імі змагаецца і ў гэтым таксама бярэ сваё натхненне.
 

Еўрарадыё: Ты напісала верш “Мама, сына забрала неба” пра Ўладзіслава Кавалёва. Ці не падаецца, што гэта неяк кан’юнктурна, няшчыра… А па-другое, прысвячаць вершы саўдзельніку ў тэракце?..
 

Валярына Кустава: Па-першае, там няма прысвячэння. Па-другое, гэты верш быў напісаны ад сайго сну, які, па сутнасці, і падказаў мне вынік гэтага прысуду. Гэты верш напісаны не пра тэрарыста, а пра чалавека, які не займеў справядлівага суду над сваім жыццём, над здзейсненым ім.
 

Еўрарадыё: Якія тэмы ўвогуле ўздымаюцца цяпер у беларускай паэзіі? Ці папулярна пісаць пра прыроду, пра гаротнага мужыка, пра Радзіму Беларусь?..
 

Валярына Кустава: У сучасных паэтаў добра, калі знойдзецца адзін верш, які прысвечаны Беларусі, ці адзін верш, прысвечаны прыродзе. Я кажу пра пакаленне сваё, то бок, зусім маладых паэтаў. Натуральна, што цяперашнія паэты вылятаюць з падстрэшша горада. Яны ўрбаністы па сваёй сутнасці. Адпаведна, тэма вёскі, хлеба, зямлі адыходзіць на другі план, або замяняецца метафарамі іншага кшталту. Цяпер больш актуальныя гульні са словам, з розумам, з літаратурай, з еўрапейскім кантэкстам сучаснай паэзіі.
 

Еўрарадыё: А з чаго жывуць нашы паэты? Ці можна паэзіяй зарабіць на жыццё?
 

Валярына Кустава: Гэта вельмі сумна. Я неаднойчы выказвалася, што маёй марай было б тое, каб беларуская паэзія зрабілася прафесіяй. Бо не так даўно быў адменены творчы стаж, і шкада, што ён быў адменены. Магу сказаць за сябе, што я выкладаю цяпер у Акадэміі мастацтваў. Цяпер мы са студэнтамі адзначаем Дзень паэзіі, тым што чытаем свае любімыя вершы. Сродкі – толькі самыя папулярныя могуць займець з гэтага. Але, натуральна, ёсць еўрапейскія стыпендыі, ёсць нейкія праекты. Але, натуральна, беларускі паэт, калі хоча жыць з паэзіі, павінен працаваць у дзесяць разоў болей, чым іншы паэт.
Еўрарадыё: Што адбываецца, калі беларускі паэт выязджае за мяжу? Ці натхняе яго тое замежжа?


Валярына Кустава: Магу сказаць за сябе. Калі я была за мяжой, то гэта, хутчэй, такі творчы адпачынак. Бо гэта больш – для нейкага спакою душэўнага, чым для натхнення. Бо гэта шанец адключыцца ад беларускай рэальнасці, ад беларускай рэчаіснасці, што так неабходна беларускім паэтам. Бо яны ўвесь час прапускаюць усё праз сябе, і атрымліваецца, што іх унутраны рухавік працуе на ўсю моц. Гэта проста немагчыма, ніводнае сэрца такога не зможа вытрымаць. Але і з гэтага ёсць натхненне. Таму, гэтыя літаратурныя еўрапейскія стыпендыі даюць больш шанец уздыхнуць, перадыхнуць, перадумаць усё зробленае і, магчыма, пачаць асэнсоўваць месца беларускага творцы ў свеце. Што ты можаш даць свету, што свет можа даць табе – такія тэмы ўжо выходзяць на першы план.
 

Чытаць далей →

Салон-дыскусія “ЖАНОЧЫ ХАРАКТАР” 2 сакавіка ў Бібліятэцы імя Цёткі

ТФ | 28.02.2012 |

Прома-група ВЮ прадстаўляе

2 сакавіка 2012 (пятніца)
Бібліятэка імя Цёткі (Талбухіна, 12а)
Пачатак а 18.00

ЖАНОЧЫ ХАРАКТАР
Салон-дыскусія

Вольга АКУЛІЧ
Ала БЫКОЎСКАЯ
Святлана ДЗЯНІСАВА
Ірына КЛІМКОВІЧ
Валярына КУСТАВА
Таццяна СІВЕЦ
Аксана СПРЫНЧАН

Спецыяльны госць — бард Наталля ПУШКАРОВА
Вядучыя – Вікторыя Ляйкоўская (Трэнас) і Юлія Новік
Чакаем вас! Уваход вольны.

Салон-дыскусія “ЖАНОЧЫ ХАРАКТАР”

Напярэдадні Міжнароднага жаночага свята прома-група ВЮ сумесна з бібліятэкай імя Цёткі запрашае на незвычайную сустрэчу. Гераіні салона-дыскусіі “Жаночы характар” не проста творцы, але і арганізатары, кіраўнікі адметных культурных праектаў, што ўзбагачаюць нацыянальную прастору. Запрашаем усіх жадаючых далучыцца да фармату салона-дыскусіі: задавайце пытанні – правакацыйныя і не вельмі – творчым дзяўчатам і знаёмцеся з актуальнымі і цікавымі з’явамі сучаснай беларускай культуры.

Пра ўдзельніц:

Вольга Акуліч – журналіст, музыкант, фронтвумэн гурта “Верасень”, аўтар праекта “Штомесяц 13-га па-беларуску”
Ала Быкоўская – выхавацель, стваральніца хатняга агменю, мама
Святлана Дзянісава – галоўны рэдактар часопіса “Маладосць”
Ірына Клімковіч — публіцыст, даследчык беларускай міфалогіі, выканаўчы дырэктар этнагістарычнага цэнтра “Явар”
Валярына Кустава – літаратарка, мастацтвазнаўца, аўтар ідэі і адзін з каардынатараў ініцыятывы “Твой фэст”
Таццяна Сівец – пісьменніца, галоўны рэдактар газеты “Літаратура і мастацтва”
Аксана Спрынчан – літаратарка, дырэктар Паэтычнага тэатра АРТ.С.

Упершыню ў Беларусі — Міжнародны Жаночы слэм 25 лютага!

СБП | 21.02.2012 |

25 лютага, у межах міжнароднага паэтычнага фестываля ВЕРШЫ НА АСФАЛЬЦЕадбудзецца міжнародны ЖАНОЧЫ СЛЭМ.

Удзельнічаюць беларускія паэткі:

Маргарыта Аляшкевіч
Света “Бенька” Бень
Вера Бурлак
Ася Волкава
Аксана Данільчык
Каця Зыкава
Валерыя [Валярына] Кустава
Тацяна Нядбай
Аксана Спрынчан
Віка Трэнас
Анка Упала
Юля Цімафеева
Вольга Чайкоўская

Замежныя аўтаркі:
Солья Крапу (Фінляндыя/Швецыя)
Мары Сілкеберг (Швецыя)
Олена Стэпаненка (Украіна)

Паэтка і перакладчыца са шведскай
Алеся Башарымава.

А таксама спецыяльная госця
Раіса Баравікова.

Пачатак а 19.00.
Месца: Галерэя Ў (пр. Незалежнасці 37А, ст. м. Плошча Перамогі).
Уваход вольны.

Віншуем з Годам Цмокаў і Цмочкаў!

ТФ | 31.12.2011 |

Дарагія сябры і калегі!

Віншуем вас з Новым годам — годам Цмока!

Жадаем каб Ваш унутраны Цмочак быў вельмі моцным і вясёлым! А Год Цмока — добрым і зычлівым да Вас!

І каб вялікі беларускі Цмок прынёс шчасця для ўсіх беларусаў!

Радасных святаў!

Да новых плённых сустрэчаў у наступным годзе!

Каманда ТФ

Фэст культуры «Кахай па-беларуску, жыві па-еўрапейску!..»

ТФ | 29.11.2011 |

Культурніцкая ініцыятыва Твой Фэст пры падтрымцы кампаніі «Будзьма беларусамі» прадстаўляе:

Першы літаратурна-музычны фэст беларускай еўрапейскай лірычнай культуры
«КАХАЙ ПА-БЕЛАРУСКУ, ЖЫВІ ПА-ЕЎРАПЕЙСКУ!..»

 

Дзе: Менск, клуб “LOFT” (вул.П.Броўкі, 22)
Калі: 5 і 6 снежня 2011
Пачатак усіх мерапрыемстваў а 19.00.

ПАДРАБЯЗНЕЙ…

Чытаць далей →

“Літаратурныя Дажынкі – 2011”: першы ўраджай

Будзьма  | 15.11.2011 |

13 лістапада ў кавярні мястэчка Крэва прайшлі першыя “Літаратурныя дажынкі”. Ініцыятыва«Твой Фэст», сайт Krevo.by пры падтрымцы кампаніі “Будзьма беларусамі!” і беларускага ПЭН-Цэнтра падвялі папярэднія вынікі літаратурнага года і зладзілі камерны паэтычна-музычны фэст. На фэсце ўзнагародзілі пераможцу ТОП-10 найураджайнейшых пісьменнікаў года (паводле версіі чытачоў). Ім стаў Віктар Раманцоў, які набраў 300 галасоў з 1000. Вялікую падтрымку яму аказалі яго прыхільнікі з Гомельшчыны. Віктар прыехаў на выступ не адзін, а з групай падтрымкі

У імпрэзе ўзялі ўдзел Раман Абрамчук, Андрэ Бём, Зміцер Вайцюшкевіч, Алесь Камоцкі, Валерыя Кустава, Андрэй Мельнікаў, Віктар Раманцоў, Віталь Рыжкоў, Міхась Скобла, Анка Упала, гурт “BosaeSonca”. Вядоўца імпрэзы – Валярына.

На сустрэчы прысутнічалі не толькі карэнныя жыхары Крэва, але і госці з Мінска, Смаргоні, Горадні, Мядзеля. А яшчэ з Нямеччыны і Туркменістана. Таму фэст набыў статус не толькі рэгіянальнага, але і амаль міжнароднага.

Чытаць далей →

«Літаратурныя дажынкі 2011″ адбудуцца ў гэтую нядзелю ў Крэве

 »Літаратурныя дажынкі 2011″ адбудуцца заўтра, 13 лістапада, у Крэве (Смаргонская,4). Пачатак а 14.00.

Для журналістаў і выступоўцаў будзем забраніраваны асобны аўтобус. Таму просьба для журналістаў, хто збіраецца на імпрэзу, напісаць на tvojfest@gmail.com з пазнакай «месца для журналістаў» альбо тэлефанаваць на (029) 1677 048.

Як трапіць на месца падзей з Менску: ад са ст.м. «Каменная горка» маршруткай. Замовіць месцы ў маршрутцы можна па тэлефоне  (029) 3950659 альбо набыць квіток наўпрост у кіроўцы маршруткі. Шлях займае каля 1 гадзіны. Расклад маршрутак, што ідуць праз Крэва: http://krevo.by/doroga

Забраніраваць месцы ў кавярні вы можаце па адрасе tvojfest@gmail.com. Дашліце ліст, у якім пазначце вашае імя і прозвішча, колькасць людзей з вамі (напрыклад: Выліваха +3). У тэме – «Літаратурныя дажынкі бронь». Уваход пакуль што вольны – спяшайцеся!)

Падрабязней пра сюрпрзызы, склад выступоўцаў, саму імпрэзу - тут.

Дадатковы конкурсны тыдзень — для тых, хто не паспеў!

Шаноўнае спадарства!

На Конкурс ідэй, што адбываецца ў межах нашага Фэсту, прышло шмат выдатных арыгінальных работ!
Але ў сувязі з абмежаваным часам конкурсу да нас звярнуліся з просьбамі падоўжыць яго яшчэ хаця б на тыдзень.

Каманда «Твайго Фэсту» вырашыла прыслухацца да вашых пажаданняў.
Яшчэ адзін дадатковы конкурсны тыдзень — наш падарунак на 1 лістапада для ўсіх, хто не паспеў!


Канчатковы дэдлайн: 9 лістапада 2011.

Першыя сакрэты «Літаратурных дажынак» (+аўдыё)

Радыё Рацыя | 31.10.2011 |

- Мы хацелі, каб на «Літаратурных дажынках» прысутнічала як мага болей добрых пісьменнікаў, добрых музыкаў. Так як не ва ўсіх атрымлівалася, раптоўна яны даведаліся, што ў іх не атрымліваецца провесці ў запланаваную дату, мы пайшлі на саступкі ўдзельнікам і перанеслі гэтую дату.

Што атрымае пераможца?

Цалкам гутарка: аўдыё.

Дадатковы тыдзень галасавання на ТОП-10 ураджайных літаратараў года!

tvojfest.org | 31.10.2011 |

У сувязі з пераносам даты «Літаратурных дажынак« на 13 лістапада вы маеце яшчэ адзін дадатковы тыдзень галасавання за самага ўраджайнага пісьменніка года.

То скарыстайцеся гэтым шансам — галасуйце! У вас застаўся адзін тыдзень.

 

 

Увага! «Літ. дажынкі» пераносяцца на 13 лістапада

tvojfest.org | 27.10.2011 |

Шаноўнае спадарства! Па прычынах незалежных ад нас, але звязаных са скаладам выступоўцаў, дата правядзення «Літаратурных дажынак 2011« крыху перасоўваецца. Запэўніваем — імпрэза абавязкова адбудзецца 13 лістапада (нядзеля) у каларытнай і адзінай крэўскай кавярні. Пачатак а 14.00. Пра ўсе падрабязнасці і меркаваных выступоўцаў паведамім неўзабаве. Мы хочам, каб вы ўбачалі на нашай вечарыне як мага болей добрых літаратараў і знакавых музыкаў. Так і будзе. Фэст адбудзецца пры любым надвор’і! )

Прыносім свае шчырыя прабачэнні за вымушаныя нязручнасці,

аргкамітэт фэсту

 

У Крэве адбудуцца Літаратурныя Дажынкі

Радыё Рацыя  | 21.10.2011 |

Ініцыятыва “Твой Фэст”, кампанія “Будзьма беларусамі” і сайт Krevo.by пры падтрымцы беларускага ПЭН-цэнтру вырашылі падвесці папярэднія вынікі літаратурнага году – зладзіць Літаратурныя Дажынкі, на якіх ўзнагародзіць беларускіх пісьменнікаў і выканаўцаў.

Чытаць далей →